1 снежня- Сусветны дзень барацьбы са СНІДам
1 снежня – Сусветны дзень барацьбы са СНІДам
Сіндром набытага імунадэфіцыту, з’яўляецца апошняй стадыяй развіцця ВІЧ-інфекцыі (інфекцыі, якая выклікаецца вірусам імунадэфіцыту чалавека).
ЯК АДБЫВАЕЦЦА ЗАРАЖЭННЕ
Пры заражэнні ВІЧ пад удар у першую чаргу трапляюць клеткі імуннай сістэмы. Функцыя імуннай сістэмы – распазнаваць, перапрацоўваць і пазбаўляцца ад чужародных мікраарганізмаў, аказваць супрацьстаянне ўздзеянню хваробатворных бактэрый і вірусаў. У выніку ўздзеяння ВІЧ на клеткі імуннай сістэмы, арганізм застаецца без ахоўных механізмаў.
Шматгадовыя назіранні і даследаванні паказалі, што з моманту заражэння да клінічных праяў праходзіць у сярэднім 10-12 гадоў. Пры адсутнасці спецыяльнай тэрапіі праз гэты час узнікаюць першыя сур’ёзныя сімптомы СНІДу. Аднак варта адзначыць, што гэтыя лічбы з’яўляюцца ўмоўнымі. Некаторыя інфіцыраваныя пачынаюць хварэць праз 2-3 гады пасля заражэння, іншая катэгорыя – не адчувае на сабе праяў СНІДу і праз 12 гадоў. СНІД развіваецца па індывідуальнаму сцэнарыю, і на гэты працэс уплываюць розныя фактары: асаблівасці арганізму, лад жыцця і г. д.
СІМПТОМЫ І ПРЫКМЕТЫ
Першыя прыкметы СНІДу часта нагадваюць сімптомы грыпу ці ВРВІ. Адчуваецца агульнае недамаганне, якое можа суправаджацца павышэннем тэмпературы, парушэннем работы страўніка, кішэчніка. Часта павялічваюцца лімфатычныя вузлы, баліць горла. Як правіла, падобныя праявы не выклікаюць у ВІЧ-інфіцыраваных занепакоенасці. Ды і яны хутка праходзяць. У гэты час вірус працягвае актыўна размнажацца, а чалавек не падазрае, што хворы. Адзіны спосаб выявіць захворванне – зрабіць аналіз.
ГАЛОЎНАЕ ПРАФІЛАКТЫКА
На сённяшні дзень толькі прафілактыка ВІЧ-інфекцыі з’яўляецца самым дзейсным спосабам барацьбы з небяспечнай хваробай. Вучоныя ўсяго свету робяць усё магчымае, каб у бліжэйшы час распрацаваць эфектыўны сродак супраць ВІЧ. І хоць некаторыя поспехі ў гэтай вобласці ёсць, вакцыны ад інфекцыі пакуль не вынайшлі.
Адным з важнейшых накірункаў можна лічыць прафілактыку так званай вертыкальнай перадачы ВІЧ-інфекцыі, інакш кажучы – праходжанне прафілактычнага курса цяжарнымі жанчынамі, якія з’яўляюцца носьбітамі віруса імунадэфіцыту чалавека. Такая тэрапія накіравана на максімальнае зніжэнне рызыкі заражэння дзіцяці ўнутрывантробна. Для таго каб своечасова выявіць інфіцыраваных цяжарных жанчын і прыняць прафілактычныя меры па прадухіленню заражэння дзіцяці, для іх уведзена абавязковае тэсціраванне на ВІЧ (загад Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь). Пары, якія бяруць шлюб, могуць дабравольна прайсці тэсціраванне на СНІД.
Прафілактыка заражэння палавым шляхам уяўляе асаблівую важнасць. У першую чаргу да групы рызыкі адносіцца маладое пакаленне. Сёння прафілактыка ВІЧ заключаецца ў правядзенні інфармацыйнай работы з моладдзю. Маладыя людзі павінны ведаць усё пра спосабы перадачы хваробы і пра тое, як можна пазбегнуць заражэння ВІЧ-інфекцыяй.
Калі гаварыць пра прафілактыку інфіцыравання праз кроў, то неабходна памятаць пра правілы асабістай гігіены. Гэта тычыцца прадметаў, якімі можна парэзацца і на якіх могуць застацца сляды крыві (нажніцы, шчыпцы, станкі для галення і інш.). У медустановах стэрылізацыя інструментаў з’яўляецца абавязковай, таксама як і тэсціраванне на ВІЧ донарскай крыві. Прафілактычныя мерапрыемствы – гэта ў першую чаргу рэклама здаровага ладу жыцця, заклік адмовіцца ад наркотыкаў, выпадковых дашлюбных палавых сувязяў, клопат пра здароўе пастаяннага партнёра.
Неабходна памятаць, што значна прасцей пазбегнуць інфіцыравання ВІЧ, чым вылячыць само захворванне. Таму варта прыкласці шэраг намаганняў, каб гэта страшная бяда прайшла міма вас і вашых блізкіх.