Конкурс маладых журналістаў і блогераў "Адкрый свой горад (раён) усёй краіне"
Намінацыя "Журналістыка"
Мой прапрадзед
78 гадоў назад закончылася Вялікая Айчынная вайна, якая стала суровым выпрабаваннем для савецкага народа, які не скарыўся ворагу, выстаяў і перамог. А па-другому быць не магло, таму што ўсе і дарослыя і дзеці – сталі на абарону краіны. Кожны куточак роднай зямлі стаў крэпасцю.
15 жніўня 1941 года ў вёску Бабунічы уварваліся немцы. Супрацеўлення ім ніхто не аказаў, бо людзі кінуліся хавацца за хлявы. Аляксей Ільіч Такун мой прадзед, не стаў хавацца, застаўся ў хаце.
У пошуках спажывы немцы разышліся па дамах. Адзін з іх завітаў у Аляксееву хату.
- А-а, пан, шнапс, шнек, яйкі, - пралепетаў ён. Аляксей разумеў гэтыя словы яшчэ з грамадзянскай і моўчкі паказаў у кут – там у цэбры ляжала некалькі дзясяткаў яек.
Немец узрадаваўся, нешта загалёкаў і з радасцю стаў перакладваць яйкі у невялікі кошык.
Злосць і нянавісць ахапіла Аляксея. Умомант яго позірк скіраваўся на таўкач, які стаяў у камешніку. Толькі адзін крок – і гэтая простая сялянская рэч аказалася ў Аляксеевых руках. Узмах – і яна з сілай апусцілася на галаву ворага: ні крыкнуў, ні енкнуў фашыст.
Схапіўшы нямецкі аўтамат, Аляксей кінуўся шукаць сваіх дачок. Яны былі на агародзе. Устрывожыліся, пачуўшы пра здарэнне.
- Уцякайма, татка, адсюль, - прыхінуліся яны да бацькі.
А ён моўчкі абняў дачок, пацалаваў і сурова наказаў уцякаць у лес. А сам развярнуўся і накіраваўся да хаты.
- Са сваёй хаты я нікуды не пайду. Не пайду… - паўтараў ён. Прапрадзед Аляксей загінуў. Ён загінуў, абараняючы зямлю, якая ўзгадавала яго, дала сілы. Ён застаўся верны дому, які пабудаваў сам, у якім выгадаваў дзяцей. Ён не здрадзіў роднай старонцы. Такун Аляксей Ільіч для мяне і для жыхароў вёскі Бабунічы застанецца героем, памяць пра якога будзе жыць вечна.
І сёння мы, удзячныя прапраўнукі, гаворым словы падзякі прапрадзедам, якія крок за крокам набліжалі Вялікую Перамогу. Яны здзяйснялі подзвігі. А пра герояў і іх подзвігі павінны ведаць усе.
Валянцейчык Марыя, 9 клас