Лёс жанчыны
Лёс… Яго не абыдзеш, яго не зменіш, бо так наканавана чалавеку. Толькі крыўдна і балюча: суровае выпрабаванне выпадае на яго долю.
Жыццё, дакладней дзяцінства, напоўненае пякучым болем, стала сапраўднай школай жыццястойкасці для жанчыны, да якой мы, вучні 8 класа, наведаліся з валанцёрскай місіяй.
Лідзію Іванаўну, якой ужо 85 гадоў, мы засталі за работай у агародзе. Яна рыхтавала глебу пад ураджай наступнага года. Убачанаму мы не здзівіліся: чалавек, нават у такім узросце, рухаецца – значыць жыве.
Хлопчыкі хутка скапалі градку, перанеслі гарбузы – і падрыхтаваліся слухаць аповед жанчыны.
Бардыга (Сухарка) Лідзія Іванаўна нарадзілася 16 ліпеня 1930 года ў вёсцы Сялюцічы Грабаўскага сельскага Савета ў шматдзетнай сям’і калгаснікаў. Вялікая сям’я – гэта апора і падтрымка для меншых і забяспечаная старасць. Толькі вайна ўнесла свае карэктывы, пакінуўшы на сэрцы нясцерпны боль.
Калі пачалася вайна, Лідзіі Іванаўне было адзінаццаць гадоў. Яна закончыла 3 класы, а ўсё перажытае памятае, як сёння.
“18 лістапада 1942 года карны нямецкі атрад хутка ацапіў вёску. (Да прыходу чужынцаў бацька павёз партызан у вёску Бобрыкі, я з братам Косцікам пагналі авечак пад Грабаў, а сястра з другімі аднавяскоўцамі пагналі кароў у бок Капцэвіч. У хаце засталася маці з трыма дзецьмі). Літасці не было нікому. І старых, і малых немцы пагналі ў канец сяла. Маці з меншымі дзецьмі была ў натоўпе людзей, якія крычалі, галасілі, шлючы праклёны фашызму.
Вырвацца з акружэння было немагчыма. Хто рабіў спробу ўцячы, быў забіты на месцы. Параўняўшыся з калодзежам, тры дзяўчыны ўпалі ў яго. Фашысты прыгавор вынеслі на месцы: у калодзеж была ўкінута граната. Пасля выбуху глядзець на ўсё было немагчыма.
Паліцаі сваіх родных аддзялілі, а астатніх жыхароў заганялі, як жывёлу, у хаты і ў хлеў. Плач, енк, стогны не сціхалі.
Пазней Дар’я Барысава, яна змагла вырвацца з полымя, расказвала, што маці з дзецьмі загналі ў хлеў. Яна з дзіцём спрабавала выскачыць, але куля абарвала жыццё.
Карнікі спалілі ўсю вёску, засталіся хаты толькі каля самага лесу. Страшную смерць прынялі 364 чалавекі, сярод якіх мая маці, два браты і сястра. Напамінам усім жывым аб жудаснай трагедыі з’яўляецца помнік, пастаўлены на месцы смерці жыхароў вёскі.
Зрабіўшы сваю чорную справу, пад вечар немцы пакінулі вёску. З надыходам цемры пачалі збірацца сяльчане, хто выскачыў з агню і знайшоў укрыццё у лесе, і каго не было на той момант у вёсцы.
Бацька прыехаў па нас пад Грабаў. Мы пераначавалі ў лесе, а раніцай пайшлі ў вёску. Страшная карціна паўстала перад вачыма: папялішчы, едкі пах, абгарэлыя трупы… Ад роднай цёткі Ганны застаўся толькі фрагмент абгарэлай рукі, якая была прыкрыта ражком хусткі.
Заставацца ў вёсцы баяліся. Укрыццё знайшлі ў лесе, дзе яшчэ было тры сям’і. пабудавалі курані. З ежай былі праблемы, пагэтаму вярталіся на месцы спаленых падворкаў. У цёткі ў кубёлку засталося абгарэлае сала: елі і яго. З капцоў даставалі бульбу, якую пяклі на агні.
Зімой 1942 года пераехалі ў Рабку. Жылі ў чужых людзей. Потым пасяліліся ў цёткі Надзеі Шабалтас з Бабуніч. Некаторы час жылі ў яе, а потым стрыечная сястра Параска забрала мяне ў Людзвіноў. Жыла там нядоўга, бо Глушко Серафіма Цімафееўна забрала назад у Бабунічы ( на другі дзень вёска Людзвіноў была спалена). Бацька з братам паехалі ў сялюціцкі лес, дзе і жылі.
Восенню 1943 года вярнулася ў лес да бацькі. Наша жыццё ўскладнялася тым, што пачаліся аблавы. Прыходзілася ўвесь час хавацца, толькі уратавацца не змаглі. Немцы злавілі нас і пагналі ў Капцэвічы, дзе ў камендатуры ў час допыту бацьку збілі. Нас кінулі ў дрывотню, дзе размяшчалася нямецкая кухня. Прасядзела я з братам там цэлы тыдзень. Начальнік паліцыі (ён быў падпольшчыкам) праявіў міласэрнасць і забраў нас да сябе, а потым дапамог збегчы бацьку.
Становішча было складаным: не было што есці. Пачалі хадзіць па хатах, каб хто што даў з’есці. Елі нават тое, што заставалася ад хворых тыфам немцаў. І сёння памятаю манку, якой нам давалі ўдосталь. Ды толькі бяда не бывае адна – захварэлі на тыф. Лячыцца не было чым. Адна жанчына паставіла банкі. Потым з дапамогай стрыечнай сястры адолелі нядуг. Адно злячылі – кароста напала. Маззю, якую далі немцы, павымазвалі нас. Дапамагло.
З Капцэвіч уцяклі ў лес, дзе людзей было багата. Жылі там. Прыйшоў бацька і забраў нас у Сялюцічы. Праз некаторы час бацьку забралі ў армію, ён трапіў на фронт, а мы жылі ў цёткі.
Чаго толькі не перажыла! Чатыры гады працавала ў паляка ў Западнай. А ён за маю работу нічога не заплаціў. Так і вярнулася дадому ні з чым.
Вайна закончылася, бацька вярнуўся дадому. У 1949 годзе ажаніўся другі раз. Жылі мы ў вёсцы Падозбін. Працавала ў паляводчай брыгадзе ў калгасе “Запаветы Ільіча”.
Пазнаёмілася з Фёдарам Мікалаевічам Бардыгам, з якім у 1950 годзе згулялі вяселле і аддзяліліся ад бацькоў. Жылі шчасліва, нарадзілі чацвёра дзяцей, якім далі пуцёўку ў самастойнае жыццё.
У 1972 годзе купілі хату ў Бардыгі Пятра Савіча і пераехалі ў вёску Бабунічы, дзе ўжо больш за 40 гадоў жыву. Жыву адна, бо Фёдар памёр у 1999 годзе ад сардэчнай недастатковасці. Дзеці і ўнукі прыязджаюць часта. Яны завуць да сябе. Толькі ж ці паеду я? Я не змагу без зямлі, якую трэба апрацоўваць, без хаты, дзе ўсё напамінае аб пражытых гадах, без паветра, якое я ўдыхаю, выходзячы кожную раніцу на вуліцу. – жанчына спынілася, памаўчала момант і дадала: - Дзеткі, няхай страшнае слова “вайна” ніколі не ўварвецца ў ваша жыццё”.
Валянціна Некрашэвіч, класны кіраўнік 8 класа