Гасцінна і спартыўна. В Петриковском районе прошёл футбольный турнир памяти Василия Пинчука
У мінулую суботу ў Чалюшчавічах адбыўся штогадовы раённы турнір па футболе памяці Васіля Пінчука. Сёлета ён праводзіўся ўжо 17-ты раз.
Пра Васіля Адамавіча Пінчука, аднаго з актыўных арганізатараў спорту на Чалюшчавіцкай зямлі, мы пісалі шмат, аддаючы даніну павагі і памяці сапраўднаму аматару футбола. Хутка тры дзесяцігоддзі, як яго няма побач з намі, але след, які пакінуў Васіль Адамавіч, на Петрыкаўшчыне і ў Чалюшчавічах, у прыватнасці, заўважаецца і зараз.
Пра гэта гаварылі на адкрыцці турніру дырэктар сельгаспрадпрыемства “Чалюшчавічы”, асноўнага фундатара гэтых спаборніцтваў, Сяргей Новікаў, старшыня Чалюшчавіцкага сельвыканкама Ігар Русак.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Пінчук у сваёй прамове адзначыў, што футболу ў самы бліжэйшы час будзе ўдзелена асаблівая ўвага, бо і гэтыя спаборніцтвы паказалі, што на Петрыкаўшчыне дастаткова шмат моладзі, якая любіць футбол і жадае адточваць сваё майстэрства ў гульнях раённага чэмпіянату і на падобных турнірах.
У сёлетнім турніры памяці Васіля Пінчука прынялі ўдзел 4 каманды. У першую падгрупу шляхам жараб’ёўкі ўвайшлі каманды КСУП “Запаветы Ільіча” і “Чалюшчавічы”, другую – ПСУП “Палессе-Аграінвест” і КСУП “Курыцічы”. Гульні праходзілі ў два таймы па 25 хвілін. Пераможцы спарынгаў у падгрупах аспрэчвалі Кубак, а прайграўшыя – трэцяе прызавое месца.
Трэба сказаць, што турнір атрымаўся відовішчным. Гульні праходзілі карэктна і нават не без інтрыгі. Арганізатары паклапаціліся пра выязны гандаль, нават наварылі юшкі, якая ў гэты даволі халодны дзень добра сагравала балельшчыкаў.
У першай гульні маладая, але, безумоўна, цікавая каманда КСУП “Запаветы Ільіча” саступіла больш вопытнай чалюшчавіцкай дружыне з лікам 0:2. З больш буйным лікам (4:0) “аграінвестаўцы” пераадолелі курыціцкіх футбалістаў.
У матчы за трэцяе месца сышліся бабуніцкая і курыціцкая каманды. Можна сказаць, што менавіта гэтая гульня прайшла з інтрыгай. Забіўшы тры безадказныя галы ў вароты саперніка, курыцічане палічылі, што Дыплом ІІІ ступені быў ужо ў іх. Але тым і прыгожы футбол, што ў яго таксама ёсць месца непрадказальнасці. У другім тайме бабуніцкія футбалісты раўняюць лік і даводзяць матч да серыі пенальці, у якіх удача была таксама на іх баку.
Фінал атрымаўся прыгожым. І чакалі яго з асаблівым інтарэсам, бо, па-першае, чалюшчавіцкая каманда валодала Кубкам апошнія тры гады і не збіралася здаваць пазіцыі, а, па-другое, і петрыкаўская дружына выглядала надзвычай мабільнай і ўпэўненай у сабе.
На гэты раз перамогу святкавала маладосць – вопытная каманда КСУП “Чалюшчавічы”, за якую гулялі і некалькі ігракоў, ужо аднесеных да катэгорыі ветэранаў спорту (у тым ліку і адзін з сыноў Васіля Пінчука – Вячаслаў), саступіла саперніку з лікам 2:4.
На закрыцці турніру старшыня райвыканкама Аляксандр Пінчук уручыў Кубак камандзе ПСУП “Палессе-Аграінвест”. Каманда КСУП “Чалюшчавічы” адзначана Дыпломам ІІ ступені, КСУП “Запаветы Ільіча” – ІІІ.
Прызы атрымалі і лепшыя ігракі турніру — Аляксандр Герасіменка (“Запаветы Ільіча”), Аляксандр Жукоўскі (“Чалюшчавічы”) і Яўген Церашковіч (“Палессе-Аграінвест”).
Аляксей КАЮКАЛА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.