Настаўнікаў не падвялі
Настаўнікаў не падвялі
Другая пятніца кастрычніка ў нашай школе пачалася незвычайна. У 9 гадзін прагучалі пазыўныя школьнага радыё: вучням 1-11 класаў пастроіцца на лінейку. Дырэктар установы Уладзімір Герасіменка паведаміў пра адметнасць гэтага дня: школа праводзіцца дзень самакіравання. Вучні 9-11 класаў бяруць уладу ў свае рукі.
У дзяцей была не простая задача: яны павінны выступіць у ролі настаўнікаў. Хваляванні… Страх… Як гэта пераадолець? Адно баяцца – другое рабіць. Усё атрымалася.
Вучні разышліся па класах. Пачаўся ўрок. Педагогі размясціліся ў настаўніцкай, а старшакласнікі-настаўнікі пакрочылі з астатнімі вучнямі па краіне ведаў…
Чынна па калідоры пахаджваў дырэктар Дзмітрый Цімашышан. У гэты дзень ён адказваў за арганізацыю працэсу навучання. Дзмітрый Аляксандравіч паспяваў усюды: урокі наведаў, у бібліятэку заглянуў, у сталовай меню праверыў, агледзеў тэрыторыю. Як з усім гэтым спраўляецца Уладзімір Мікалаевіч?
Аляксей Власкін – дзяжурны адміністратар. Ён у адказе за выхаваўчую работу: арганізаваў джяжурства настаўнікаў, сачыў за парадкам. Група дзяўчынак завітала ў бібліятэку, дзе неабходныя кнігі ім падабраў Вадзім Палтаран. Сапраўдным інфарматыкам і матэматыкам паказаў сябе Яўгеній Юркавец, які замяняў яшчэ і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. І Сярожы Дубіку было цікава адчуць сябе матэматыкам. Юнак зазначыў: настаўнікам па заканчэнні школы не буду. Пра будову алкенаў і спіннога мозга расказала вучням на ўроках хіміі і біялогіі Надзея Прадка. У яе не толькі прыгожыя вакальныя даныя , але ёсць і задаткі настаўніка. Добрым знаўцам гісторыі паказаў сябе Павел Герасіменка, які змог на ўроках прымяніць веды, атрыманыя пры падрыхтоўцы да алімпіяды па гэтым прадмеце.
Настаўнікам фізічнай культуры марыць стаць Юлія Глушко. Часткова яе мара збылася: яна выйшла са сваімі першымі вучнямі на школьны стадыён у якасці настаўніка. Настаўнікамі-філолагамі ў гэты дзень былі Марына Такун і Вольга Дубік. Цяжкасцей з выкладаннем прадметаў не ўзнікла, бо дзяўчаты з’яўляюцца ўдзельніцамі алімпіяды па гэтых дысцыплінах.
Правёўшы пяць урокаў нямецкай мовы, Таццяна Крук зразумела: цяжкая праца настаўніка, бо трэба быць ці то апантаным сваёй справай, ці то ніякім. Самымі шчаслівымі ў гэты дзень былі Паліна Булачова, Алена Булава, Юлія Кот і Святлана Макарэвіч. Яны працавалі ў пачатковых класах.
Урокі закончыліся. Настаўнікі за дзень адпачылі, а на тварах дублёраў можна было бачыць стому, якая не магла прыхаваць пачуццё гонару: сваіх настаўнікаў не падвялі.
Другой часткай дня самакіравання быў матч па валейболе: каманда настаўнікаў супраць адзінаццацікласнікаў. Ва ўпартай барацьбе перамаглі прадстаўнікі старэйшага пакалення настаўнікаў. Вось яны пераможцы: Уладзімір Герасіменка, Васіль Палтаран, Марыя Ганцэвіч, Ніна Кот, Юрый Радкевіч, Уладзімір Раўкоўскі і Руслан Булачоў.
Словы захаплення і падзякі хочацца сказаць у адрас 11-класнікаў і Ніны Кот, якая была ініцыятарам і арганізатарам мерапрыемства. Усе малайцы: першы блін не аказаўся камяком
Валянціна Іванаўна Некрашэвіч