Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

«У азёрнай старонцы маёй…» (да 110-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка)

Дата: 19 октября 2022 в 21:49, Обновлено 20 октября 2022 в 21:50
Автор: Пантюк Е. В.
50 просмотров

Сёлета споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Максіма Танка. Яго імя – адно з самых яркіх у гісторыі беларускай літаратуры. Паэт-патрыёт, паэт-сатырык, паэт-філосаф, паэт-наватар… А ў жыцці – сціплы чалавек, які не любіў гучных слоў і бляску пражэктараў.

Паэзія Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. А галоўная тэма, якая праходзіць праз усю творчасць М. Танка, – Радзіма ў самых розных яе праявах: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях, праца, песні, мары народа, маляўнічая прырода, мілагучная родная мова.

Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Фармiраванне будучага выдатнага паэта праходзiла ва ўмовах бурных, складаных i супярэчлiвых падзей Першай сусветнай вайны. У 1914 годзе сям’я Яўгена была змушаная выехаць у эвакуацыю і пэўны час жыла ў Маскве. Там Яўген Скурко пайшоў у школу, там прачытаў свае першыя кнігі.

Восень 1926 года прывяла Яўгена Скурко ў Вілейку, дзе паступіў у 3 клас рускай прыватнай гімназіі і вучыўся даволі паспяхова. Менавіта там з’явілася любоў да літаратуры. Там жа ён і зрабіў сваю першую літаратурную спробу, пераказваючы ў вершаванай форме легенду пра Шкленікоўскае возера. Але ўжо восенню 1928 года Яўген пераехаў у Радашковічы, дзе ён працягваў спасцігаць вучнёўства з прычыны закрыцця Вілейскай гімназіі польскімі ўладамі.

Малады М. Танк працаваў iнструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусi, у легальных i падпольных вiленскiх перыёдыках, вёў актыўную грамадска-патрыятычную i культурна-асветную дзейнасць. З прыходам савецкай улады ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе Максім Танк зноў вярнуўся на Вілейшчыну. Ён працуе ў сектары нацыянальных школ Вілейскага абласнога аддзела народнай асветы, а таксама ў аддзеле культуры ў абласной газеце «Вілейская праўда».

Пiсаць вершы ён пачаў у другой палове 20-х гадоў, будучы гімназiстам. Першы верш – «Заштрайкавалi гіганты-комiны» – пад псеўданiмам Максiм Танк быў апублiкаваны ў газеце-аднадзёнцы «Беларускае жыццё» 7 красавiка 1932 года.

У 1935 годзе Максім Танк у Вільні пачаў пісаць паэму «Нарач». З-за цэнзуры цалкам твор надрукаваць было не магчыма. Толькі ў 1940 годзе паэту ўдалося цалкам узнавіць тэкст паэмы.

У 1936 годзе выходзiць першы зборнiк вершаў М. Танка «На этапах», у 1937 – другi зборнiк «Журавiнавы цвет» i асобным выданнем паэма «Нарач», у 1938 – трэцi зборнiк «Пад мачтай». Паэт апынуўся ў цэнтры лiтаратурна-мастацкага жыцця ў 3аходняй Беларусi. Пра яго загаварылi ў друку, яго творы i кнiгi сталi прадметам шырокага i зацiкаўленага абмеркавання, лiтаратурна-творчых дыскусiй.

Творчасць М. Танка 30-х гадоў вызначалася маштабнасцю гiстарычнага мыслення, шырынёй духоўна-мастацкiх даляглядаў аўтара. Вялiкую папулярнасць у чытача набылi яго вершы «Спатканне», «Песня кулiкоў», «Чорныя скiбы», «Да дня», «Акт першы», «Тры песнi», «Паслухайце, вясна iдзе...», «Раманс», «На пероне» i iншыя. Лiрычны герой паэта прываблiваў паўнакроўнасцю ўспрымання жыцця, натуральнасцю i нязмушанасцю сваiх паводзiн i ўчынкаў, непадробнай чалавечнасцю, цвёрдай верай у народныя першакаштоўнасцi, жыццесцвярджальныя сiлы грамадства. Ён засяродзiўся на пошуках адказаў на самыя балючыя пытаннi часу, на асэнсаваннi актуальных грамадска-патрыятычных i сацыяльных праблем рэчаiснасцi, глыбокiм выяўленнi душэўна-псiхалагічнага свету свайго сучаснiка. Фiласофская лiрыка суседнiчала ў паэта з сатырычнымi творамi, пейзажныя матывы i вобразы перапляталiся з выяўленнем асаблiвасцей iнтымнага свету героя.

З пачаткам вайны ў 1941 годзе Яўген Іванавіч спачатку быў эвакуіраваны ў Саратаўскую вобласць, а затым мабілізаваны ў шэрагі Чырвонай Арміі. Выконваючы высокую мiсiю гераiчнага змагання за свабоду i незалежнасць роднай Бацькаўшчыны, М. Танк годна прайшоў дарогамi ахвярнага ваеннага лiхалецця, якое з’явiлася своеасаблiвым працягам заходнебеларускага перыяду жыцця i творчасцi паэта. У гады вайны ён працуе ў газеце «За Савецкую Беларусь», агiтплакаце «Раздавiм фашысцкую гадзiну».

Многiя якасцi i асаблiвасцi творчай iндывiдуальнасцi М. Танка раскрылiся ў пасляваенны перыяд духоўна-эстэтычных пошукаў i здабыткаў паэта. Адным з лепшых у беларускай паэзii пасляваеннага дзесяцiгоддзя з’явiўся зборнiк М. Танка «Каб ведалi» (1948), адзначаны Дзяржаўнай прэмiяй СССР. Сваiм зместам i пафасам ён цалкам звернуты ў нядаўняе мiнулае, лiрычны герой кнiгі засяродзiўся на асэнсаваннi драматычных i трагічных старонак Другой сусветнай вайны.

Вершы перыяду творчасцi канца 40-х – першай паловы 50-х гадоў закранула «тэорыя бесканфлiктнасцi i iлюстрацыйнасцi». Але М. Танк бачыў свае недахопы, падкрэслена крытычна ставiўся да зробленага ў гэты час.

З 1948 па 1966 год М. Танк працуе галоўным рэдактарам часопiса «Полымя», з 1966 па 1990 год – першым сакратаром, старшынёй Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Абiраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947–1971) i СССР (1969–1989), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР VI–VII склiканняў (1963–1971), з’яўляецца членам шматлiкiх грамадскiх арганiзацый.

У 60–90-я гады выходзяць лепшыя кнiгi паэта, якiя атрымалi высокую ацэнку крытыкi i лiтаратуразнаўства, усёй грамадска-культурнай супольнасцi: «Мой хлеб надзённы» (1962), «Глыток вады» (1964), «Перапiска з зямлёй» (1967), «Хай будзе святло» (1972), «Дарога, закалыханая жытам» (1976), «Прайсцi праз вернасць» (1979), «За маiм сталом» (1984) i iншыя. Яго мастацкая iндывiдуальнасць дасягае сапраўднага росквiту.

М. Танк спыняе сваю ўвагу, здаецца, на ўсiм багаццi i шматстайнасцi з’яў i працэсаў навакольнай рэчаiснасцi, жыцця на зямлi.

Вялiкая i плённая грамадска-сацыяльная дзейнасць i багатая i шматстайная лiтаратурна-творчая праца М. Танка былi адзначаны прысваеннем яму высокiх званняў.

Памёр Максім Танк 7 жнiўня 1995 года.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.