Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Школа - жыццё

Дата: 4 октября 2014 в 17:25, Обновлено 6 октября 2014 в 17:39
680 просмотров

Настаўнік – агеньчык у цемры, настаўнік – светач навукі, настаўнік – лекар дзіцячых душ. Колькім сваім вучням вы далі пуцёўку ў жыццё! І на заслужаным адпачынку вы застаецеся педагогамі для непасед і ціхонь, выдатнікаў і троечнікаў у мінулым, а сёння ўжо сталых людзей.

         Напярэдадні Дня настаўніка ў нашай школе стала традыцыйным правядзенне акцыі “Павіншуем ветэранаў педагагічнай працы з прафесійным святам.” Сустракаючыся  з настаўнікамі, мы ўпэўніліся: за кожным імем – свой лёс, свая гісторыя. Настаўнікі розных спецыяльнасцей, але адной долі: “сеяць разумнае, добрае, вечнае.” Вашы імёны залатымі літарамі ўпісаны ў летапіс школы: Зенкевіч Петр Фёдаравіч, Ярыга Петр Сямёнавіч, Курыленка Еўдакія Клімаўна, Некрашэвіч Уладзімір Аляксеевіч, Рэут Юрый Дзям’янавіч, Некрашэвіч Ніна Аляксандраўна, Ярыга Надзея Мікалаеўна, Рэут Вольга Рыгораўна, Ярыга Галіна Сяргееўна,Такун Святлана Мікалаеўна, Дулько Ася Яфімаўна, Панцюк Яўгенія Віктараўна, Бардыга Валянціна Пятроўна і Паўтаран Валянціна Пятроўна.

         На гэты раз мы наведаліся ў вёску Барычаў, у якой з дзевяці жыхароў пражывае  пяць настаўнікаў.

         Адзін з дабротных двароў, вакол якога парадак і чысціня, належыць сям’і Юрыя Дзям’янавіча Рэута і Еўдакіі Клімаўны Курыленка, сям’і, якая ганарыцца дынастыяй педагогаў. Юрый Дзям’янавіч працягнуў справу, пачатую бацькам, Дзям’янам  Сямёнавічам. Жонка, Еўдакія Клімаўна, 36 гадоў выкладала рускую мову і літаратуру. Сын  Уладзімір не здрадзіў сямейнай традыцыі: ён стаў настаўнікам працоўнага навучання і фізікі. Бабулін профіль выбралі ўнучкі: Бельчыкавы Вольга і Таццяна вучацца на філалагічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У лічбавым вымярэнні – больш за стагоддзе.

         Гаспадары  гасцінна сустрэлі нас. Колькі шчасця і радасці можна было бачыць у вачах Еўдакіі Клімаўны! Сустрэча з дзецьмі, размова пра школу – жыццё для яе.  “І сёння, хаця ўжо 20 гадоў на пенсіі, хочацца ў школу,” – прызналася гаспадыня.

         Адкуль такая цяга? Што за сіла? Адказ ёсць: прызванне і самаадданая праца. Трэба да бяспамяцтва  любіць тое, чаму прысвячаеш сваё жыццё. Еўдакія Клімаўна і Юрый Дзям’янавіч – майстры сваёй справы. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляюцца званкі, лісты і наведванні ўдзячных вучняў: любімых настаўнікаў  - не забываюць.

         А яны, ураджэнцы суседніх абласцей, Гомельскай і Магілёўскай, сустрэліся ў далёкім 1958 годзе ў школе вёскі  Бабунічы, каб столькі гадоў дзяліць радасці і беды як сямейнага  жыцця, так і педагагічнай працы.

         Нялёгкая доля напаткала Юрыя Дзям’янавіча. Нарадзіўся 1 студзеня 1929 года ў вёсцы Барычаў у сям’і настаўніка. Юнаку разам з братам Вячаславам суджана было пазнаць жыццё вязняў фашысцкай  Германіі. Страшныя выпрабаванні не зламалі маральна. Няшчасце загартавала фізічна. Юрый у мірны час доўга не вагаўся з выбарам прафесіі: буду працягваць бацькаву справу.

         З 1948 па 1956 год, адкінуўшы  чатыры гады арміі, вучыўся ў Капцэвіцкім, Петрыкаўскім і Мазырскім педвучылішчах. Працоўную дзейнасць пачаў настаўнікам Сотніцкай пачатковай школы. З 1958  працаваў у школе роднай вёскі. З 1963 па 1992 год выкладаў выяўленчае мастацтва, гісторыю, грамадазнаўства, праводзіў урокі працоўнага навучання ў Бабуніцкай сярэдняй школе. За сваю педагагічную дзейнасць даў пуцёўку ў жыццё многім выпускам.

         Сёння Юрый Дзям’янавіч ганарыцца сваімі паслядоўнікамі: Тамарай Уладзіміраўнай Доўгай, выкладчыкам гісторыі і грамадазнаўства, Уладзімірам Мікалаевічам Герасіменка, выкладчыкам працоўнага навучання, вядомымі мастакамі  Валянцінай Сцяпанаўнай Заброцкай, Людмілай Вячаславаўнай Рэут, Аляксеем Андрэевічам Панцюком-Жукоўскім.

         Надзейным  спадарожнікам, дарадцам і калегай для Юрыя Дзям’янавіча стала Еўдакія Клімаўна, настойлівая, валявая, энергічная і жыццярадасная жанчына. Яна, ураджэнка Касцюковіцкага раёна, палюбіла нашы мясціны, якія сталі для яе роднымі.

         Нарадзілася 15 мая 1935 года ў вёсцы Белы Камень. Гадавалася без бацькі: ён загінуў на фронце.  Яна, дзіця вайны, добра памятае невыносныя ўмовы жыцця ў акупацыі, сіроцкую долю, але страшнае жаданне – выжыць, не сагнуцца. Жыла надзеяй – стаць настаўніцай. Мара ажыццявілася: пасля заканчэння ў 1958 годзе Гомельскага педагагічнага інстытута замест прапанаванага месцаўладкавання ў горадзе Жлобіне выбрала вёску Бабунічы, дзе ў мясцовай школе выкладала рускую мову і літаратуру, спевы. Некалькі гадоў узначальвала калектыў васьмігадовай  і сярэдняй школы. Была першай жанчынай-дырэктарам. Чатырнаццаць гадоў прысвяціла вучэбна-выхаваўчай рабоце. Колькі сустрэч, канцэртаў, паездак, экскурсій, працоўных дэсантаў ёю  было арганізавана! Еўдакія Клімаўна жыла гэтай справай і вяла за сабою сваіх калег і вучняў.

         36 гадоў складае працоўны стаж настаўніцы, якая была нястрымнай не толькі ў педагагічнай дзейнасці, але і грамадскай: сакратар камсамольскай арганізацыі калгаса “Запаветы Ільіча”, агітатар, загадчык агіткалектыву, рэдактар  газеты “За новы ўраджай.”

         Еўдакія Клімаўна – чалавек невычэрпнай энергіі. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак у 1994 годзе, плакала тры дні: як жыць без школы? Яшчэ і сёння не верыцца, што ўжо не ў школе. Заспакойвае тое, што прадаўжальнікаў падрыхтавала: Святлана Рыгораўна Паўтаран, Валянціна Рыгораўна Еўтушэнка, Марына Мікалаеўна Радзіонава.

         Адзіноту і сум замянілі грамадскія справы: займалася сацыяльнай работай, доўгі час  з’яўлялася старшынёй ветэранскай арганізацыі Бабуніцкага сельскага Савета. Сёння, у свае 79 гадоў, жыве клопатамі жыхароў вёсак Барычаў і Касішча. Еўдакія Клімаўна  першая ў вёсцы: яна стараста. Нягледзячы на праблемы са здароўем, застаецца, як і раней, у “страі.”

         За жыццё, аддадзенае школе і дзецям, за дзейнасць, прысвечаную святой справе, ветэраны педагагічнай працы Юрый Дзям’янавіч і Еўдакія Клімаўна адзначаны Ганаровымі граматамі і лістамі падзякі райкама партыі і камсамола, раённага аддзела адукацыі, райвыканкама. Еўдакія Клімаўна ўзнагароджана і Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі.

         Паважаныя настаўнікі, жывіце доўга, радуйцеся жыццю і сустракайце нас на парозе свайго дома.

   

                                      Валянціна Некрашэвіч, класны кіраўнік 7 класа

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.