Сустрэча з вязнем і салдатам Вялікай Айчыннай вайны
У рамках акцыі "Унукі аб вайне" члены піянерскай дружыны імя Юрыя Аляксеевіча Гагарына наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Вячаслава Дзям'янавіча Рэута, які пражывае ў вёсцы Барычаў Бабуніцкага сельскага Савета. Вось праз што прайшоў вязень і салдат.
Пятнаццацігадовым юнаком Вячаслаў Дзям’янавіч сустрэў вайну, якая страшным гулам напомніла аб сабе. Лінія фронту праходзіла ля вёскі Капцэвічы. А праз два тыдні ў сяле з’явіліся немцы.
Пачаліся дні і месяцы, напоўненыя страхам і трывогай, але вяскоўцы жылі, бо трэба было сеяць і збіраць ураджай.
Пасля таго, як была спалена родная вёска, а гэта здарылася ў 1943 годзе, сям’я Дзям’яна Сямёнавіча і Ганны Фёдараўны ўкрыццё знайшла ў лесе. Пабудавалі хатку, у ёй і жылі. Часта юнак дабіраўся ў партызанскую зону, чым мог дапамагаў народным мсціўцам.
У адзін з вечароў чацвёра аднавяскоўцаў, сярод якіх былі Вячаслаў Некрашэвіч, Міхаіл Цішкевіч і два браты Юрый і Вячаслаў Рэуты, вырашылі зрабіць вылазку ў вёску, але не пашанцавала: трапілі ў нямецкую пастку (гэта здарылася за некалькі дзён да вызвалення Беларусі). Палонных пагналі ў Сотнічы, дзе юнакоў раздзялілі. Міхаіла Цішкевіча і Вячаслава Рэута разам з другімі палоннымі адправілі ў Капцэвічы, дзе пагрузілі ў цягнік і завезлі да Мікашэвіч. Потым былі Лунінец, Пінск, Іванава, Драгічын, Кобрын, Брэст. У Брэсце праз раку Буг пераправілі на польскую тэрыторыю. Увесь гэты час нічога есці не давалі. З Варшавы пераправілі праз раку Віслу ва Усходнюю Прусію, дзе быў сфарміраваны рабочы батальён, рабочыя якога выконвалі ўсю чорную работу: капалі бункера, акопы. Умовы пражывання былі невыносныя: кармілі адзін раз у суткі, спалі на голай падлозе, каралі тых, хто не хацеў падпарадкоўвацца. Чаго толькі не наглядзеўся. Нават не верыцца, што выжыў.
З пераможным наступленнем Савецкай Арміі прыйшло вызваленне. Жыццё вязня спынілася, пачаліся будні салдата. У Гродненскім ваенкамаце ў студзені 1945 года прызвалі ў армію. Трапіў у запасны полк, які быў адпраўлены на фронт. Вызваляў Беласток, горад-порт Гдыня, Усходнюю Прусію, пасля вызвалення якой быў ўдзельнікам Берлінскай аперацыі на рацэ Одэр.
“У час аперацыі на рацэ Одэр немцы стралялі брызантнымі снарадамі, якія пры разрыве давалі вялікую колькасць асколкаў, якія разляталіся ва ўсе бакі. Нават нямецкі акоп мяне не ўратаваў. 19 красавіка 1945 года я быў цяжка паранены. Ісці не мог, толькі поўз. Санітара, які падпоўз да мяне, не асуджаю за яго холад і абыякавасць. Калі я папрасіў яго зрабіць мне перавязку, то ён махнуў рукою і сказаў: “Навошта, усё роўна заб’юць. Пад такім шквалам агню выжыць немагчыма.” Перавязку ён ўсё-такі зрабіў,”- успамінае ветэран. Больш за год знаходзіўся ў госпіталях гарадоў Быдгош, Грудзянц, Дойчайлаву.
У свае васямнаццаць гадоў кожны дзень глядзеў у твар смерці, якая не шкадавала нікога: стары ты ці малады. Родная і чужая зямля прымалі аднолькава. Ад гэтага пякучы боль заставаўся на сэрцы.
Малюнкі той страшнай вайны часта вярэдзяць душу. “У парце Гдыня ў цэнтры плошчы разарваўся снарад, які быў выпушчаны немцамі з карабля ў Балтыйскім моры. Ля ямы, якая ўтварылася пасля выбуху, ляжала акрываўленае цела. Гэта быў салдат-француз. Ён сіліўся падняцца, але не мог, бо ногі былі разарваны. Страшна і жудасна было глядзець на гэту карціну”.
Вестку аб перамозе сустрэў у госпіталі Дойчайлаву. Пасля папраўкі служыў у 206 запасным палку за 18 кіламетраў ад чэхаславацкай сталіцы. Потым была служба ў запасным палку нямецкага горада Дрэздан да 1950 года.
Пяцідзясятыя гады сталі гадамі вяртання да жыцця і аднаўлення разбуранага. Як цяжка не было, але адбудавалі краіну. Сярод будаўнікоў быў і Вячаслаў Дзям’янавіч, які сваю любую і адзіную сустрэў у вёсцы. З Вольгай Рыгораўнай, якая да выхаду на заслужаны адпачынак працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Бабуніцкай сярэдняй школы, разам з 1954 года. Нарадзілі і далі пуцёўку ў жыццё траім дзецям: Алена працуе фармацэўтам у Мінску, Васіль працуе на Гомсельмашы, а Людміла – мастак-афарміцель ГАА Анкадор – “Белвар” у Мінску. Бацькі ганарацца сваімі дзецьмі і ўнукамі, якія часта іх наведваюць у родным доме.
За стойкасць, мужнасць, гераізм, праяўленыя ў суровай барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Вячаслаў Дзям’янавіч узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны і шматлікімі медалямі і падзякамі.
Развітаўшыся з ветэранам, думалі: вайне – не! Няхай мы, праўнукі сваіх прадзедаў, будзем сведкамі толькі міру, спакою і шчасця