Рэспубліканскі інтэрнэт-конкурс, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, на лепшае кароткае апавяданне
Навукова-метадычная ўстанова «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь запрашае прыняць удзел у Рэспубліканскім інтэрнэт-конкурсе, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, на лепшае кароткае апавяданне. Мерапрыемства стартуе 2 лютага 2021 года.
Конкурс праводзіцца з мэтай выяўлення і падтрымкі аўтараў-пачаткоўцаў сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, павышэння матывацыі навучэнцаў да асобаснага і інтэлектуальнага развіцця праз выкарыстанне магчымасцей сучасных інфармацыйных тэхналогій.
Да ўдзелу запрашаюцца вучні V–XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі індывідуальна ці ў складзе аўтарскага калектыву (не больш за 3 чалавекі).
Асноўнымі задачамі правядзення конкурсу з’яўляюцца:
- стварэнне асяродку для асобаснага і інтэлектуальнага развіцця вучняў;
- стымуляванне цікавасці да вывучэння вучэбных прадметаў «Беларуская літаратура», «Русская литература»;
- развіццё цікавасці да творчасці Івана Шамякіна;
- спрыянне развіццю камп’ютарнай пісьменнасці вучняў;
- стварэнне асяродку для сяброўства і ўзаемадзеяння ўдзельнікаў.
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна падрыхтаваць творчую работу ў жанры кароткага апавядання на беларускай ці рускай мове, запоўніць заяўку па вызначанай форме і накіраваць на электронны адрас adumetod@adu.by (з абавязковай пазнакай у тэме пісьма «Рэспубліканскі інтэрнэт-конкурс, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, на лепшае кароткае апавяданне»). Сваёй заяўкай удзельнік пацвярджае аўтарства работы і згоду з умовамі правядзення мерапрыемства. Заяўкі, аформленыя не ў адпаведнасці з патрабаваннямі і дасланыя несвоечасова, разглядацца не будуць.
Конкурс праводзіцца ў трох узроставых катэгорыях вучняў:
- V–VI класы;
- VII–VIII класы;
- IX–XI класы.
Творчыя работы прымаюцца па 30 красавіка 2021 года. Удзел у конкурсе з’яўляецца бясплатным.
Метадычнае і тэхніка-тэхналагічнае суправаджэнне конкурсу забяспечвае ўпраўленне дыстанцыйных адукацыйных паслуг адукацыйнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Інфармацыйную падтрымку конкурсу ажыццяўляе літаратурна-мастацкі часопіс «Маладосць» Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом „Звязда“».
Пераможцы Рэспубліканскага інтэрнэт-конкурсу, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, на лепшае кароткае апавяданне будуць узнагароджаны дыпломамі I, II і III ступені ў кожнай узроставай катэгорыі.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу адбудзецца 21 мая 2021 года ў Нацыянальным інстытуце адукацыі.
Лепшыя апавяданні будуць апублікаваны на старонках нацыянальнага адукацыйнага партала https://adu.by, у літаратурна-мастацкім часопісе «Маладосць» Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом „Звязда“».
Падрабязней з умовамі правядзення мерапрыемства і патрабаваннямі да творчых работ можна азнаёміцца ў інфармацыйным лісце і Палажэнні аб Рэспубліканскім інтэрнэт-конкурсе, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, на лепшае кароткае апавяданне.
Інфармацыя аб мерапрыемстве і ходзе яго правядзення будзе размяшчацца на нацыянальным адукацыйным партале https://adu.by, афіцыйных старонках нацыянальнага адукацыйнага партала ў сацыяльных сетках Facebook, «ВКонтакте».