Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы

Дата: 4 марта 2021 в 19:57
Автор: Пантюк Е. В.
146 просмотров

5 сакавіка спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Кандрата Крапівы – народнага пісьменніка Беларусі, драматурга, паэта-сатырыка, празаіка, вучонага-лінгвіста, грамадскага дзеяча, акадэміка, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, тройчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы.

Я ў мастацкім агародзе толькі марная трава.
А якая? Смех, дый годзе: я – пякучка-крапіва.
К. Крапіва

Нарадзіўся пісьменнік у в. Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Веды набываў у царкоўна-прыходскай школе, потым – у народным вучылішчы. У 1913 годзе экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка і праз год атрымаў месца ў земскім народным вучылішчы, але ў жніўні 1915 года быў прызваны на вайсковую службу, а ў кастрычніку 1916-га адпраўлены на Заходні фронт.

Пасля дэмабілізацыі з Чырвонай арміі пісьменнік з сям’ёй пераехаў у Мінск, дзе працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры, з’яўляўся членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша», узначальваў аддзел у рэдакцыі часопіса «Полымя рэвалюцыі». У гэты перыяд выходзяць яго першыя літаратурныя зборнікі «Апавяданні», «Асцё» і «Крапіва». У 1930 годзе К. Крапіва скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ.

У 1939 годзе пісьменнік быў зноў прызваны ў армію. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён працаваў у рэдакцыі газет «Красноармейская правда», «За Савецкую Беларусь». З сакавіка 1943 года і да канца вайны быў адказным рэдактарам сатырычнага выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну». Пасля вайны на працягу двух гадоў займаў пасаду адказнага рэдактара сатырычнага часопіса «Вожык».

З 1947 па 1951 год К. Крапіва з’яўляўся загадчыкам сектара мовазнаўства Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва, з 1952 года – дырэктарам Інстытута мовазнаўства. У 1956 годзе пісьменнік быў абраны віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР, у 1980-х гадах працаваў вядучым навуковым супрацоўнікам-кансультантам Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР.

За вялікія заслугі ў развіцці беларускай навукі ў галіне мовы і літаратуры К. Крапіве было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі. Пісьменнік з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР за комплекс работ па беларускай лінгвагеаграфіі. Імя К. Крапівы носіць Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

К. Крапіва – прызнаны майстра сатырычнага жанру, з дапамогаю якога ён прафесійна і эмацыянальна выкрываў многія негатыўныя з’явы паўсядзённага жыцця, узбагаціў айчынную і сусветную літаратуру ёмістымі, яркімі, запамінальнымі вобразамі, а таксама сусветна вядомы байкапісец, творы якога склалі шматлікія зборнікі, набылі шырокую папулярнасць, перакладаліся на многія мовы. У 1956 годзе К. Крапіва быў удастоены звання народнага пісьменніка Беларусі, тройчы адзначаўся Дзяржаўнымі прэміямі СССР і БССР за п’есы «Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі», камедыю «Брама неўміручасці». У 1975 годзе атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Творы Кандрата Крапівы вызначаюцца не толькі дасціпным гумарам і вострай сатырай, але і сакавітай і трапнай мовай. Нездарма многія выказванні пісьменніка сталі крылатымі словамі. Поруч са славутым «свінтусам грандыёзусам» можна прыгадаць і гэтыя радкі з баек:

  • «Другі баран – ні „бэ“, ні „мя“, а любіць гучнае імя».
  • «Аднак жа, як свінню не кліч, яе заўсёды выдасць лыч!».
  • «Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах».
  • «Малому веліччу быць хочацца заўсёды».
  • «Парсюк не надта быў ахвочы глядзецца праўдзе ў вочы».
  • «Прэтэнзій у яго – хапіла б на слана, заслуг жа – як у зайца».
  • «Каб Сонца засланіць – вушэй асліных мала».

К. Крапіва пражыў доўгае насычанае жыццё і пакінуў пасля сябе велізарную духоўную спадчыну. Яго творчасць – з’ява ўнікальная і адметная для беларускай літаратуры і нацыянальнай культуры.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.