Да 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава
«…Ператвараць мінулае ў цяперашняе, звязваць сучаснае з будучым»: народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву споўнілася б 100 гадоў
«Чалавек без пакут – трава», – адзначаў Васіль Быкаў у аповесці «Трэцяя ракета». Яго жыццёвы шлях не быў простым: крутыя віражы, яміны і выбоіны, але пры гэтым ён ніколі не губляў сумлення. Нездарма ў «Знаку бяды» пісаў: «За сваё цяжкое жыццё яна [Сцепаніда] ўсё ж спазнала праўду чалавечых адносін і пакрысе здабыла свой невялічкі чалавечы гонар. А той, хто аднойчы адчуў сябе чалавекам, ужо скацінай не стане. Шмат што ў жыцці, асабліва гора і бяда, пераканалі яе ў тым, што з людзьмі трэба абыходзіцца па-добраму, калі хочаш, каб і да цябе адносіліся па-людску. Напэўна, чалавек такі ўжо ад прыроды, што адказвае дабром на дабро і не можа адказаць дабром на зло. Зло не можа спарадзіць нічога, апроч зла, на іншае яно не здольна. Але бяда ў тым, што людская дабрыня перад злом бяссільна, зло лічыцца толькі з сілай і баіцца адно толькі ка́ры. Толькі непазбежнасць адплаты можа прыцішыць драпежны ягоны нораў, прымусіць задумацца. Інакш на зямлі запануе пекла, аб якім гаворыцца ў Бібліі».
Сёння Васіль Уладзіміравіч застаецца адным з самых вядомых беларусаў у свеце. З нагоды юбілею народнага пісьменніка згадаем некалькі цікавых фактаў з яго біяграфіі.
Дзяцінства яго было не самым шчаслівым. Сам пісьменнік згадваў, што часта не было чаго паесці і апрануць. Васіль дапамагаў бацькам па гаспадарцы, пазней таксама клапаціўся пра сваіх родных. «Радасць – прырода і кнігі», – пісаў Быкаў пра сваё жыццё ў вёсцы. Рана навучыўся чытаць. Гэты занятак быў адным з любімых. Сястра Валянціна згадвала, што ён замест урокаў да самай ночы мог чытаць мастацкія кнігі і аднойчы нават пераклаў на беларускую мову кнігу Жуля Верна «З Зямлі на Месяц». Свой пераклад даслаў у самую папулярную на той час беларускую газету для дзяцей «Піянер Беларусі», каб усе дзеці маглі пазнаёміцца з сусветным шэдэўрам.
Васіль Быкаў мог стаць вядомым мастаком, але лёс распарадзіўся інакш: сусветную вядомасць яму прынесла пісьменніцкая праца. З дзяцінства Васіль Уладзіміравіч любіў маляваць. У школе рэдагаваў насценную газету і сам яе афармляў. Таму выбар навучальнай установы быў невыпадковым – Віцебскае мастацкае вучылішча. У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе адзначаў: «Вучыцца там доўга не прыйшлося, бо ў 1940 годзе стыпендыю адмянілі, і гэтая абставіна вярнула мяне ў вёску». Але маляванне не кінуў. На палях аўтографаў твораў Быкава можна знайсці яго малюнкі. Адукацыю атрымаў ў школе фабрычна-завадскога навучання і здаў іспыты за дзясяты клас экстэрнам. Да канца жыцця любіў маляваць і фатаграфаваць.
Некалькі разоў смерць падыходзіла вельмі блізка, але лёс захаваў яго, каб увесь свет прачытаў “Сотнікава”, “Альпійскую баладу”, “Мёртвым не баліць” і яшчэ шмат цікавых і неадназначных твораў пра раскрыццё чалавечых характараў у экстрэмальных умовах. У самым пачатку вайны Васіль Быкаў быў абвінавачаны ў шпіянажы, бо ён адстаў ад сваёй калоны. За гэта маглі расстраляць, але, на шчасце, усе абвінавачванні былі зняты. Падчас Кіраваградскай аперацыі быў паранены ў нагу і жывот (памылкова яго прозвішча з’явілася ў шэрагу забітых, маці адправілі паведамленне пра смерць сына). Ч. Айтматаў адзначаў, што «… судьба сберегла нам Василя Быкова, чтобы он, пройдя горнило войны, выстрадав сполна горькое лихолетье партизанской Белоруссии, сказал бы в послевоенной литературе свое сокровенное, неповторимое, преисполненное беспощадной правды и сыновней боли слово от имени тех, тогдашних восемнадцатилетних солдат, коим выпало, пожалуй, самое трудное – трагическая и героическая доля».
Першыя творы пачалі публікавацца, калі В. Быкаву было 23 гады. Сам пісьменнік лічыў пачаткам сваёй творчасці 1951 год, калі былі напісаны апавяданні «Смерць чалавека», «Абознік».
Першыя літаратурныя вопыты Васіля Быкава не зусім удалыя. Калі ён служыў на Далёкім Усходзе, напісаў і даслаў у часопіс «Полымя» Міхасю Лынькову два свае апавяданні. Сам Быкаў пазней прызнаваў, што тыя творы не былі шэдэўрамі. Лынькоў іх не надрукаваў, але даслаў падрабязны аналіз. Васіль Уладзіміравіч пісаў: «Я зразумеў, што турбаваць не трэба. І больш не пісаў. Кінуў гэта ўсё». І сапраўды, не пісаў цэлых пяць гадоў!
Па матывах аповесці «Альпійская балада» ў 1967 годзе ў Дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета БССР быў пастаўлены аднайменны балет. Балетмайстрам выступіў А. Дадзішкіліяні, музыку напісаў Я. Глебаў, лібрэта – Р. Чарахоўская. У ролі Івана быў Л. Чахоўскі, у ролі Джуліі – К. Малышава. У 1968 годзе балет стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу музычных спектакляў.
Паводле аповесці В. Быкава «Воўчая зграя» ў 1980 годзе Г. Вагнерам пастаўлена опера «Сцежкаю жыцця» (лібрэта А. Вярцінскага і С. Штэйна). Гэты твор прынёс Генрыху Матусавічу вядомасць і адкрыў новую старонку гісторыі беларускай нацыянальнай оперы.
Больш за два дзясяткі фільмаў былі пастаўлены паводле твораў Васіля Быкава. Адным з самых значных сярод іх з’яўляецца «Узыходжанне» (1976) Л. Шапіцька паводле аповесці «Сотнікаў». Гэты шэдэўр сусветнага кінематографа атрымаў некалькі прызоў на Міжнародным кінафестывалі ў Заходнім Берліне ў 1977 годзе і стаў першым савецкім фільмам, які атрымаў найвышэйшую ўзнагароду – «Залатога мядзведзя». Ларыса Шапіцька запрасіла на першы прагляд першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава, які не хаваў слёз падчас прагляду. Дзякуючы палымянай абароне П. Машэрава фільм быў прыняты без адзінай праўкі. Больш падрабязна пра экранізацыі твораў В. Быкава можна прачытаць у наступным артыкуле: Саянкова-Мяльніцкая, Л. Экранізацыя як «дадаванне да сэнсаў арыгінала»: Увасабленне на кінаэкране твораў Васіля Быкава / Л. Саянкова-Мяльніцкая // Роднае слова. – 2024. – № 5. – С. 92-95.
Многія ведаюць Васіля Быкава толькі як пісьменніка, які пісаў пра Вялікую Айчынную вайну. Але сярод яго твораў ёсць і тыя, якія прысвечаны падзеям 1930-х гадоў, прытчавыя творы. Амаль заўсёды ў цэнтры быкаўскіх твораў паказаны маральны выбар чалавека ў пераломныя моманты жыцця.
Апавяданні, аповесці, раманы В. Быкава перакладзены на дзясяткі моў свету. Сярод іх азербайджанская, англійская, балгарская, венгерская, в’етнамская, грузінская, грэчаская, дацкая, іспанская, італьянская, кітайская, мангольская, нямецкая, партугальская, польская, румынская, руская, турэцкая, украінская, фінская, хіндзі, чэшская, шведская, японская і іншыя. Кнігі народнага пісьменніка Беларусі выходзілі ў Балгарыі, Венгрыі, В’етнаме, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Егіпце, ЗША, Індыі, Італіі, Канадзе, Кітаі, Манголіі, Японіі і іншых краінах свету, ва ўсіх рэспубліках былога СССР. Многія свае творы В. Быкаў пераклаў на рускую мову.
Феномен Васіля Быкава ў тым, што ён амаль што адзіны беларускамоўны пісьменнік, які валодаў мовай свету. Ён ствараў вобразы, сюжэты, сітуацыі, якія зразумелыя кожнаму і кожнай, нягледзячы на тое, у якой краіне свету мы жывём і на якой мове размаўляем.